* * * @ 12:45
Было гэта год таму. Добра памятаю, бо збіраўся будслаўскі фэст. Людзі цягнуліся з усіх мясьцінаў і іх шляхі перасякаліся ў вёсцы, дзе я адпачываў. Сам хацеў прайсьціся да сьвятыні хоць крошку, але трэба ж таму стацца... захварэў. Проста зьлёг з саракаградуснай тэмпературай. (Карані якой трэба шукаць, без сумневу, у нядаўнім візіце ў Браслаў, дзе арганізм не толькі закаляўся на сьвежым паветры і ў гаючых водах, але і актыўна псаваўся пад націскам зялёнага зьмія і распушчальнай мясцовай атмасферы). Нават ліхаманка нейкая пачалася. А што, у цёткі расьлі лімоны, віліся ліаны і вінаградная лаза. Усё, думаю, трапічная ліхаманка. Патэлефанавалі нашым сямейным урачам у Маскву (яны ж па сумяшчальніцтву – мая цётка і стрыечная сястра), тыя запэўнілі, што ўсё ад перагрэву і не трэба непакоіцца. Такіх каляровых сноў як пад тымі сарака градусамі тэмпературы яшчэ ні пад якімі сарака градусамі ня бачыў. І ўсе настолькі рэальныя і, здавалася, бясконцыя... Дагэтуль сумняваюся, ці то сон быў, ці то насамрэч, але адчыняю вочы і бачу перад сабою “анёла”, ці прынамсі, нешта вельмі падобнае. А яна стаяла нада мной і залівалася найпрыгажэйшым, з мной чутых, сьмехам. Аказваецца, у забыцьці я размаўляў з ёй ужо хвіліну і так і называў – анёлам. Але гэта быў не анёл. Простая барысаўская адзінадцацікласьніца ішла з сяброўкай у Буду і спынілася ў нас пераночыць, а калі пазнала пра маю хваробу – вызвалася вылечыць “і хутка”. Што ж, праз дзьве хвіліны я быў ужо на нагах. Цуд? Наўрадці... Проста такога пазітыўнага чалавека у сваім жыцьці я не сустракаў і дагэтуль. Гэта маленькі клубок з эмоцыяў, дзеяньня, пачуцьцяў. Тут нельга было не паздаравець. Мы правялі тую ноч разам... Размаўлялі, жартавалі адзін з аднаго, вар’яцелі і шалелі... І хаця і мне з-за слабасьці і ёй з-за набітых дарогаю ножак даўно трэба было класьціся спаць – мы ніяк не маглі разысьціся. Нават тады ўслых зьдзіўляліся, як могуць два зусім незнаёмых чалавекі так добра пачувацца разам, тым больш ні ў яе ні ў мяне такога досьведу не было. Яна расказвала пра сваіх першых хлопцаў, пра сваіх сябровак, пра свой горад. (Яшчэ доўга потым успамінаў фразу з показкі: Богысофф? Даффай, даффай!). А я ў сваёй звычайнай манеры падтруньваў над ёй, – проста вельмі хацелася чуць яе сьмех. Яна сьпявала, таньчыла, паказвала мініяцюры. Тады ўжо я заліваўся сьмехам. Можа і ёй падабалася... А потым прыйшла раніца... Я правёў яе да месца збору пілігрымаў, і ўправе быў разлічваць на цёплае разьвітаньне. Але тут з абдымкамі зьявілася яшчэ адна дзяўчына, так сказаць, маё застарэлае, хранічнае каханьне. Яна таксама была пілігрымам – проста так, “запрасілі-пайшла”. Гэта быў першы раз, калі яе зьяўленьне мяне не ўзрадавала, а нават наадварот. Тады я вылечыўся, відаць, і яшчэ ад адной трасцы... А Дзіана, так звалі анёла, проста адыйшла ўбок... і зьнікла... Нават прозьвішча яе не запомніў – Дзіана Юр’еўна К... Не памятаю. Столькі яшчэ хацелася ў яе запытаць, а тут... Відаць, цяпер кожны год фэст у Будславе будзе выклікаць з нябыту гэтыя добрыя ўспаміны. А мабыць ні ў аднаго мяне?..."